КЛЕ́ЦКАЯ БІ́ТВА 1506.

Адбылася 5 жн. на р. Лань каля Клецка паміж войскам ВКЛ на чале з М.Л.Глінскім і войскам крымскіх татар, якое ўзначальвалі Беці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя. 6—7-тысячнае войска ВКЛ некалькі гадзін вяло перастрэлку з 12—13 тыс. татар. За гэты час былі падрыхтаваны 2 гаці, па якіх коннікі ВКЛ пачалі пераправу. Татары атакавалі правае крыло, што першым перайшло цераз Лань, і нанеслі яму вял. страты. Глінскі прыспешыў рух левага крыла і імклівым ударам конніцы разрэзаў татарскае войска на 2 часткі. Правае крыло таксама перайшло ў наступленне. Частка татар трапіла ў кальцо, іншыя пачалі ўцякаць. Харугвы Глінскага пайшлі ў пагоню, бралі палонных каля Слуцка, Петрыкава, на ўкр. шляхах. У выніку бітвы вызвалена каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, узята 30 тыс. коней. К.б. — першая вял. перамога ВКЛ над крымскімі татарамі.

т. 8, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)